Вуліца Герцэна (Мінск)
Герцэна Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён | Цэнтральны |
Гістарычны раён | Верхні Горад |
Працягласць | 150 м |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Няміга, Купалаўская, Кастрычніцкая |
Ранейшыя назвы | Малая Бернардзінская, Мала-Манастырская |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вуліца Герцэна (ранейшыя назвы — (Малая) Бернардзінская, пасля 1866 года Мала-Манастырская[1], Стара-Манастырская) — вуліца ў Цэнтральным раёне Мінска. Размешчана ў гістарычным раёне Верхні Горад.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Забудова вуліцы пачалася з XIV—XV стст[1]. Трасіроўка сучаснай вуліцы Герцэна канчаткова сфарміравалася ў XVI стагоддзі. У канцы XVI — пачатку XVII стагоддзяў яна пачыналася ад плошчы Новага Рынку (плошча Свабоды), потым перасякала вуліцу Зыбіцкую і даходзіла да Лаўскага моста, які злучаў Верхні горад з Траецкай гарой[2]. У XVII стагоддзі яна атрымала назву Бернардзінскай, таму што праходзіла побач з кляштарам бернардзінцаў, заснаваным ў 1624 годзе. Комплекс кляштара бернардзінцаў сфарміраваўся ў XVII—XVIII стагоддзях[2].
Першапачаткова з боку Бернардзінскай вуліцы тэрыторыя кляштара была абмежавана высокай мураванай сцяной, якая праходзіла ад Рыначнай плошчы да перакрыжавання з Зыбіцкай вуліцай. Толькі ў тым месцы, дзе сцяна падыходзіла да гандлёвых радоў, існавала вялікая мураваная брама з драўлянымі варотамі. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, калі большая частка тэрыторыі былога кляштара выкарыстоўвалася пад пажарнае дэпо, частка старажытнай мураванай сцяны кляштара была разабрана, а на яе месцы ўзведзены мураваны аднапавярховы жылы дом і некалькі гаспадарчых пабудоў[2].
У пісьмовых крыніцах захаваліся звесткі аб тым, што ў XVII-XVIII стагоддзях вуліца Бернардзінская была забрукавана, і яе старажытны брук захаваўся да 2-й паловы XX стагоддзя[2].
Першыя звесткі аб існаванні мураванай забудовы на паўднёва-ўсходнім баку вуліцы Бернардзінскай сустракаюцца ў архіўных дакументах, пачынаючы з XVIII стагоддзя[2].
Пасля 1865 года гэта вуліца атрымала назву Малая Манастырская, а ў дакументах канца XIX — пачатку XX ст. яна згадваецца як Мала-Манастырскі завулак[2].
Размяшчэнне
[правіць | правіць зыходнік]Вуліца Герцэна размешчана паміж вуліцай Кірыла і Мяфодзія і Музычным завулкам. Пачынаецца ад плошчы Свабоды, з паўднёвага ўсходу прымыкае вуліца Энгельса, з усходу — Музычны завулак, завяршаецца скрыжаваннем з вуліцай Зыбіцкай. Да скрыжавання з Музычным завулкам арыентавана з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, далей цягнецца на поўнач. Працягласць больш за 150 м[3].
Забудова
[правіць | правіць зыходнік]У аздобе жылых дамоў па вуліцы Герцэна праявіліся рысы класіцызму і эклектызму[3].
Няцотны бок
[правіць | правіць зыходнік]- № 1 — Гандлёвыя рады. Пабудаваны па наўночна-ўсходнім баку Высокага рынку паміж 1810—1817 гг. (архіт. М. Чахоўскі). У 1-й палове XIX ст. вядомы як «Бернардзінскія крамы», у 2-й палове XIX — пачатку XX ст. як «Віленчукі»[3].
- Комплекс будынкаў былога кляштара бернардзінцаў: касцёл, жылы корпус, флігель (XVII — XIX стагоддзі) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000081
Цотны бок
[правіць | правіць зыходнік]- № 2 — Дом Шадхана. Складае адзіны комплекс з домам № 1 (ліцер Б2/К, В2/К) па Музычным завулку і домам № 2а 1-й паловы 19 ст. па вул. Герцэна. Пабудаваны па рубяжы 19—20 стагоддзяў з цэглы. Высокі трохпавярховы чатырохвугольны ў плане будынак пакрыты пакатым двухсхільным вальмавым дахам. Плоскасць сцяны чляпёна па гарызанталі карнізнымі паясамі, лучковымі аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі ліштвамі з замковым каменем. На 2-м паверсе, у прасценках паміж вокнамі, плоскасці руставаны. Пад дахам праходзіць масіўны шматслойны карніз. Будынак — прыклад так званай «цаглянай» бесстылявой архітэктуры[3]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 4 — Дом мяшчанкі Эцінген. Двухпавярховы чатырохвугольны ў плане цагляны будынак накрыты двухсхільным дахам, пабудаваны ў канцы 18 ст. Агульная сіметрычная кампазіцыя галоўнага фасада парушаецца арачным праездам, які ссунуты ад вертыкальнай восі сіметрыі. Цэнтральная частка будынка вылучана трохвугольным франтонам, у тымпане якога прарэзана маленькае квадратнае акно. Пад дахам на перыметры праходзіць развіты шматслойны карніз. Прамавугольныя вокны размешчаны ў неглыбокіх дэкаратыўных нішах паўцыркульнага абрысу. У цэнтры галоўнага фасада на 2-м паверсе навісае балкон з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Будынак — помнік архітэктуры класіцызму[3]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 6 — Дом Рапапорта. Аднапавярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак на высокім бутавым цокалі пакрыты двухсхільным дахам. Пабудаваны ў 19 ст.. Сцены ашаляваны гарызантальна. Пад радам прамавугольных акон праходзіць пояс вертыкальнай шалёўкі, што надае фасадам дэкаратыўнасць. Дом — прыклад драўлянай жылой забудовы[3]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 8 — аднапавярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак накрыты чатырохсхільным вальмавым дахам. Пабудаваны ў 19 ст. Пад дахам праходзіць шматслойны карніз. У плоскасці сцен прарэзаны прамавугольныя аконныя праёмы. Будынак — прыклад грамадзянскай мураванай архітэктуры[3]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 10 — двухпавярховы аб’ём з высокім цокалем, які павялічаны з-за крутога схілу вуліцы па вышыні ў паўночна-ўсходняй частцы. Пабудаваны ў 19 ст. з цэглы. Будынак прамавугольны ў плане з рызалітам у дваровай частцы пакрыты вальмавым дахам, пад якім праходзіць развіты шматслойны карніз. Плоскасць сцен прарэзана прамавугольнымі вокнамі. Дом — помнік мураванай архітэктуры. Цяпер тут размешчана грамадская ўстанова[3]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 12 — На рагу вуліц Герцэна і Зыбіцкай, завяршае ансамбль вул. Герцэна. Пабудаваны ў 19 ст. з цэглы. Двухпавярховы будынак несіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і складанага плана. 1-ы і 2-і паверхі з боку вулічных фасадаў падзелены развітым карнізным поясам. Галоўны фасад завершаны плоскім трохвугольным шчытом, прарэзаны шырокімі прамавугольнымі вокнамі. Над уваходам навісае казырок, які апіраецца на 2 калонкі круглага сячэння. Будынак — прыклад грамадзянскай мураванай архітэктуры[3]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
Зноскі
- ↑ а б Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў XIX — пачатку XX ст. Архівавана 24 лістапада 2016.
- ↑ а б в г д е ЗАБУДОВА КВАРТАЛА ВУЛІЦЫ ГЕРЦЭНА І МУЗЫЧНАГА ЗАВУЛКА
- ↑ а б в г д е ё ж з Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вуліца Герцэна (Мінск)